Першы раўнд за на намі



«Цмокі-Мінск» - «Гродна-93» 100:59 (28-15, 25-14, 20-11, 27-19)
Самыя рэзультатыўныя:
«Цмокі-Мінск»: Роберт Лоўры (14+8 асістаў), Клавс Чаварс (18+10 падбораў), Яўген Белянкоў (13+3 падборы).
«Гродна-93»: Павел Карасевіч (12+2 падборы), Уладзіслаў Швакель (11)

Першы афіцыйны матч пасля вялікай баскетбольнай паўзы прайшоў без інтрыгі. Ужо пасля 2.5 хвілін гульні «Цмокі», здзейсніўшы рывок 8-0, адправілі супернікаў на тайм-аўт, Наша каманда нядрэнна глядзелася з перыметра (4 з 9 за першыя 10 хвілін), а ў фарбе ўпэўнена дзеялі Макс Салаш, Уладзімір Верамеенка і Клавс Чаварс.

Лідары Гродна стаміліся і Уладзімір Кузьмін змушана выпусціў маладую пяцёрку на пачатку другой чвэрці. Хлопцы не спраўляліся з ціскам, і занадта часта гублялі мяч. Рэдкая атака заканчвалася набранымі ачкамі. Толькі вяртанне капітана дазволіла гарадзенцам злёгку скараціць адставанне. Пакуль госці змагаліся за выжыванне, «Цмокі» наігравалі камбінацыі.

Другая палова не ўнесла сур'ёзных карэктыў. Гродна ўсё так жа адставаў, «Цмокі» ўсе так жа дамінавалі. Мабыць, толькі тэхнічны фол трошкі засмуціў наш трэнерскі штаб. Але пры розніцы ў 30 ачкоў сыход з паркету абаронцы не выклікаў неспакою. Адзіным пытаннем было, ці набяруць мінчане першую сотню. За 48 секундаў да канца сустрэчы Андрэй Стаброўскі быў дакладны з дугі і прынёс камандзе пераможную 100.

Клавс Чаварс у дэбютнай гульні за нашу каманду адзначыўся дабл-даблам з 18 ачкоў і 10 падбораў. Аляксей Трасцінецкі, Яўген Белянкоў, Андрэй Рагазенка, Аляксандр Пустагвар і Роб Лоўры пераадолелі планку ў 10 ачкоў. Пры гэтым Роб аддаў 8 рэзультатыўных перадач. У «Гродна» трэба адзначыць маладога Уладзіслава Швакеля, які стаў другім па рэзультатыўнасці ў сваёй камандзе.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
«Пакуль каманда далёкая ад таго, што хацелася б бачыць. Адбіваецца адсутнасць сур'ёзнага спарынгу ў прадсезонцы: за месяц трэніровак мы трошкі стаміліся адзін ад аднаго. Цяжка зразумець на што мы здольныя, не праверыўшы сябе з супернікам роўня лігі ВТБ.

На жаль, сітуацыя такая, і адзінае, што мы можам, гэта клапаціцца пра тое, што робім. Кожны дзень імкнуцца быць крыху лепш, якасней. Сёння мы дапусцілі шмат памылак. Дазволілі суперніку забіць шмат лёгкіх ачкоў. Магчыма, камусьці складана пакуль знайсці матывацыю».

Заўтра «Цмокі» сустрэнуцца з «Рубонам». Гульня пачнецца ў 15.00.