Расціслаў Вяргун: «Мы не збіраемся спыняцца»



Асноўная каманда «Цмокі-Мінск» пайшла на невялікую паўзу. Але ў беларускіх гульцоў і нашага трэнера адпачыць не атрымаецца. Усе яны адпраўляюцца ў зборную. Але перад гэтым мы даведаліся ў Расціслава Мікалаевіча, што ён думае з нагоды бягучых вынікаў і ці будзе новы гулец у складзе:

«Чвэрцьфінал Кубку ФІБА - важнае дасягненне! Але, безумоўна не збіраемся спыняцца. З той гульнёй, што мы дэманструем, і зірнуўшы на статыстыку бачна, што каманда мае вельмі добрыя шанцы праявіць сябе і далей.

Скончыўшы на першым месцы ў сваёй групе, мы забяспечылі сабе перавагу хатняй пляцоўкі. Супернік па чвэрцьфінале нам знаёмы. Назіраючы за іх матчамі ў гэтым сезоне, можна адзначыць, што мы абсалютна супастаўнага роўня каманды.

Апошняя гульня супраць «Арадзі» атрымалася не вельмі яркай. Але гэта можна растлумачыць тым, што за 29 дзён гэта быў 9 матч для нас. З улікам важнасці і календара за апошні месяц, каманда з годнасцю выйшла з сітуацыі, вырашыўшы ўсе турнірныя задачы. У Лізе ВТБ свае хатнія матчы з прамымі канкурэнтамі выйгралі. Усе хлопцы праявілі сябе з вельмі добрага боку. Хацелася б яшчэ раз адзначыць іх заслугу і той унёсак, што кожны з іх робіць. І, вядома, яшчэ раз павіншаваць заўзятараў. Такога ж яшчэ не было, што ў рамках Кубку ФІБА каманда заходзіла так далёка.

Адзначу, што мы ў лідарах па абароне ў Кубку і ў топ-5 па нападзенню. Ёсць шмат пазітыўных момантаў, якія даюць нам падставы спадзявацца на еўракубкавую вясну.

Калі казаць пра беларускіх гульцоў, то мяне як трэнера зборнай вельмі цешыць, што хлопцы не проста гуляюць. Не так, што ты нешта гуляеш, а вынік каманды вымушае жадаць лепшага. Значна важней, што беларусы гуляюць у камандзе, якая выконвае нейкія турнірныя заданні і змагаецца за перамогу ў кожнай гульні на высокім роўні. Той досвед, які яны набываюць цяпер і ролі, якія яны гуляюць у гэтай камандзе, спрыяюць іх упэўненасці ў сабе. Хочацца верыць, што яны робяцца мацнейшымі як баскетбалісты. Так што з нецярпеннем чакаем, што ў нас атрымаецца ў лютым. Нам давядзецца гуляць без легіянерскага складніка. У той жа час дададуцца Арцём Парахоўскі, Саша Семянюк, Рома Рубінштэйн, Кірыл Сітнік, хлопцы з «Барысфена». Думаю, у нас атрымаецца добрая баявая адзінка. І вельмі веру, што хлопцы прасякнуць ідэяй і жаданнем гуляць за краіну. Яны змогуць праявіць сябе з найлепшага боку ў матчах за зборную.

Што да магчымых падпісанняў, то ў мяне няма адназначнага адказу. Так, мы ўсё яшчэ «адкрыты» у гэтым пытанні. Але сёння ў маім разуменні ў нас сфарміраваны добры калектыў. І на дадзены момант я не бачу такога гульца, які прыйдзе і адназначна ўзмоцніць гульню, нічога не зламаўшы. А падпісаць гульца, які ўсё разваліць, і мы потым наноў усе будзем будаваць, бессэнсоўна».

Хатні матч зборнай Беларусі пройдзе ў Палацы спорту 24 лютага. Мы запрашаем усіх аматараў баскетбола падтрымаць хлопцаў. Квіткі на гульню ў продажы на ticketpro.by.