Расклад на тыдзень



Апошнія матчы перад паўзай на гульні зборнай у мужчынаў і другі этап рэгуляркі ў жанчын. Глядзім, што нас чакае бліжэйшыя 7 дзён.

«Цмокі-Мінск»
Асноўную каманду чакае сустрэча з піцерскім «Зенітам», які ўчора абгуляў падмаскоўныя «Хімкі». Апроч таго, у актыве піцерцаў перамога над ЦСКА. У гэтым сезоне Адзінай Лігі ВТБ гэта не атрымоўвалася больш ні ў каго.

Праўда, не ўсё так радасна ў бела-блакітных: падапечныя Плаза страцілі шанцы на трапленне ў плэй-оф Еўракубку пасля паразы ад казанскага УНІКСу.

Гульня «Цмокі-Мінск» - «Зеніт» адбудзецца 10 лютага на Falcon Club Арэне. Квіткі на сайце ticketpro.by.

10.02 Цмокі-Мінск - Зеніт
(15.00, Falcon Club Арэна)

«Цмокі-Мінск», дзяўчыны
Наша жаночая каманда не прайграе ў бягучым розыгрышы нацыянальнай першасці ўжо 15 гульняў запар. Паначаленыя Андрэя Ваўлева моладзевым складам упэўнена перайгралі гарадзенскую «Вікторыю» у першым матчы другога этапу рэгуляркі.

Але ўжо ў гэты чацвер дзяўчыны сустрэнуцца з больш дасведчаным супернікам - мінскім «Гарызонтам». І няхай падапечныя Наталлі Трафімавай пакуль аніразу не выходзілі пераможцамі з мінскага дэрбі, гульня абяцае быць складанай. Як і нядзельная сустрэча з гарадзенскай «Алімпіяй». Дарэчы, у мінулую нядзелю нашы суперніцы правялі сустрэчу адзін з адным і мацнейшымі апынуліся дзяўчыны з Горадні.

07.02 Гарызонт - Цмокі-Мінск
(17.30 ск Гарызонт)
10.02 Алімпія - Цмокі-Мінск
(13.45 гульнявая Зала УОР)

«Цмокі-Мінск», рэзерв і маладзёжка
У мужчынскім чэмпіянаце Беларусі на гэтым тыдні стартуе другі этап рэгулярнага сезону. Абедзве каманды «Цмокаў» трапілі ў мацнейшую групу А і ўжо ў пятніцу сустрэнуцца адзін з адным.

08.02 Цмокі-Мінск рэзерв - Цмокі-Мінск-2
(18.30 ск Цмокі-Мінск)