Саступаем, але працягваем лідараваць



Самыя рэзультатыўныя
«Леўскі Лукойл»: Куан Чытам (14+7 падбораў +6 асістаў), Брэндан Янг (14+2 падборы +4 асісты), Венціслаў Пяткоў (12+3 падборы)
«Цмокі-Мінск»: Алекс Гаўрылавіч (19+11 падбораў), Бранка Міркавіч (14+2 падборы +3 асісты), Дамінэз Барнэт (12+3 падборы +3 асісты)

«Цмокі-Мінск» адправіліся ў Сафію ў статусе лідара. А вось становішча «Леўскага» было куды складанейшым, бо ў іх актыве была ўсяго адна перамога, а значыць для захавання шанцаў на наступны этап было важна перамагаць.

Першая палова гульні атрымалася для мінчан, напэўна, самай безвыніковай. «Цмокі» набралі толькі 28 ачкоў за 20 хвілін, тады як супернік паклаў у наш кош 38. Пры гэтым балгарская каманда не выглядала мацнейшай, хутчэй мінчанам бракавала свежасці, што прыводзіла да памылак. У нейкі момант гульня ўвогуле зводзілася да індывідуальных дзеянняў гульцоў, што не ішло на карысць камандзе. Да вялікага перапынку «Цмокі» «гарэлі» 10 ачкоў.

Дэбют наступнага адрэзку адзначыўся рыўком мінчан (8-0). Здавалася, што яны блізкія да камбэку. Бранка Міркавіч трапіў з дугі і скараціў адставанне да мінімальнага 1 пункта. Але наступны за гэтым неспартыўны фол для нашага капітана выявіўся для падапечных Вергуна чарговымі «-6». «Цмокі» спрабавалі пераламіць ход сустрэчы, але 3 страты ў канцоўцы чвэрці звялі высілкі на нішто.

Апошні адрэзак госці пакінулі за сабой з мінімальнай розніцай, не дазволіўшы такім чынам «Лукойлу» адыграць мінскі гандыкап у 13 ачкоў - 75:64. Гэта не малаважна, бо «Дняпро» у паралельным матчы перайграў «Кіеў». Такім чынам, «Цмокі» узначальваюць групу з трыма перамогам. У «Кіева» і «Леўскага» па 2 вікторыі, а ў «Дняпра» - 1.

Наступны матч «Цмокаў» пройдзе 17 лістапада дома, на Falcon Club Арэне супраць «Енісея». Квіткі шукайце на ticketpro.by. А ў Кубку ФІБА матч адбудзецца праз тыдзень: «Цмокі» адправяцца ў Дняпро.

«Леўскі Лукойл» - «Цмокі-Мінск» 75:64 (20-16, 18-12, 18-16, 19-20)
«Цмокі-Мінск»: Барнэт (12+3 падборы +3 асісты), Салаш (5+5 падбораў), Белянкоў (6+2 падборы), Міркавіч (14+2 падборы +3 асісты), Гаўрылавіч (19+11 падбораў), Лоўры (2+3 асісты), Лютыч В. (2+2 падборы), Лютыч М. (4+5 падбораў)