Саступаем адной з лепшых каманд Грэцыі



АЕК - «Цмокі-Мінск» - 95:69 (16-22, 31-17, 22-20, 26-10)
Самыя рэзультатыўныя:
АЕК: Мэт Лаескі (16+3 падборы), Янік Марэйра (14+5 падбораў)
«Цмокі-Мінск»: Максім Салаш (16+6 падбораў), Крыс Клайбарн (11+3 падборы), Андрэй Рагазенка (11+3 падборы), Роберт Лоўры (14+5 перадач)

Пачатак матчу АЕКа і «Цмокі-Мінск» здзівіла шмат якіх скептыкаў. Нягледзячы на шчыльную грэчаскую абарону ў мінчан атрымалася захапіць ініцыятыву. Гасцям даводзілася звяртацца да хітрасцяў, ловячы суперніка на памылках, але штрафныя самі сябе не забівалі. Апроч таго, у «Цмокаў» атрымлівалася стрымліваць галоўнага скорара грэкаў Кіта Лэнгфарда. Амерыканец набраў толькі 2 ачкі за чвэрць.

Але мінчане занадта шмат гублялі мяч і пару разоў забыліся на перыметры Мэта Лаескага. Дасведчаны бельгіец такога не прабачыў. Яго дакладныя далёкія дазволілі грэкам выраўняць гульню і пайсці на перапынак лідарамі.

«Цмокі» працягнулі сваё змаганне і ў другой палове, імкнучыся не адпускаць суперніка далей 3-4 атак. Рабілі менш страт і саступілі трэццю дзесяціхвілінку з розніцай у 2 пункты. Але ў чацвёртай чвэрці наш напад «зламаўся». Грэкі кантралявалі ледзь не кожную атаку, штораз змушаючы гасцей быць недакладнымі. Фінальная сірэна зафіксавала 95:69 у карысць АЕКа.

Максім Салаш стаў самым рэзультатыўным у складзе мінчан з 16 ачкамі і 5 падборамі. Адзначым таксама прагрэс Андрэя Рагазенкі, які правёў на пляцоўцы 26 хвілін і адзначыўся 11 пунктамі.

stats

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
«На жаль, у нас няма такога ростара як у апанента з гульцамі высокага узроўня.
Спадзяюся, што маладыя гульцы нешта вынеслі з усяго гэтага. Як падымацца, прыўносіць нешта на паркет…асабліва інтэнсіўнасць і энергію. Хачу верыць, што для іх гэта добры ўрок, як трэба рабіць сваю працу.
Вядома, АЕК – гэта вельмі добрая каманда, што гуляе вельмі востра. Яны заўсёды пакараюць цябе за твае слабыя месцы. Выдатныя выканаўцы і адно з лепшых нападзенняў».

Такім чынам, «Цмокі» маюць на сваім балансе 1-1 і праз тыдзень ляцяць у Ізраіль, дзе ўчора «Халон» перайграў «Шале».