Штрафныя вырашылі гульню з «Енісеем»



Самыя рэзультатыўныя
«Цмокі-Мінск»: Максім Салаш (20+6 падбораў +5 асістаў), Бранка Міркавіч (20+5 асістаў), Дамінэз Барнэт (13+5 падбораў +4 асісты)
«Енісей»: Дэвіан Бэры (26+4 падборы), Дасцін Хог (14 +5 падбораў), Таміслаў Зубчыч (15+7 падбораў)

Дэбют сустрэчы з краснаярскім «Енісеем» пачаўся не вельмі выразнай гульнёй «Цмокаў». Гаспадары адзначыліся 2 персанальнымі заўвагамі Максіма Лютыча,які упершыню выходзіў у стартавай пяцёрцы. А вось з рэзультатыўнымі атакамі былі праблемы: пакуль у «Цмокаў» не залятала, «Енісей» двойчы «паклаў» з перыметра. Толькі пасля 4 хвілін гульні наша каманда змагла адкрыць лік: Дамінэз Барнэт знайшоў свой далёкі кідок. Аднак, колькасць персанальных заўваг «Цмокаў» ніяк не дазваляла наблізіцца ў ліку. За 10 хвілін гульнявога часу «Енісей» рэалізаваў 8 з 9 штрафных кідкоў, тады як мінчане падыходзілі да лініі толькі 2 разы

Другая дзесяціхвілінка пачалася адзінаццаціачковым рыўком гаспадароў. Паспяховы праход пад кош Барнэта ўпершыню ў гэтай сустрэчы вывеў нашу каманду наперад, а далёкі кідок Лоўры адправіў гасцей на таймаўт. Паўза спрацавала і Дэвіан Бэры, які набраў 5 ачкоў запар, скараціў адставанне сваёй каманды. І ўсё ж «Цмокі» датрывалі, прарабіўшы каласальную працу ў абароне, і адправіліся на перапынак лідарамі – 43:35.

Наступны адрэзак «Цмокі» правялі ў працоўным рэжыме і здолелі ўтрымаць розніцу ў ліку нягледзячы на ўсе спробы суперніка. А вось у першыя хвіліны апошняй чвэрці «Цмокі» зафаліліся, ды так, што Аляксандрэ Гаўрылавіч змушаны быў адправіцца на лаўку з 5 персанальнымі заўвагамі. «Енісей» зноў стаў набіраць ачкі з лініі штрафу.

За 4 хвіліны да канца гаспадары страцілі яшчэ і Яўгена Белянкова, які атрымаў 5 заўвагу на паспяховай атацы Дэвіана Бэры. Ад перавагі мінчукоў не засталося нічога. За 2 хвіліны да канца Бэры параўноўвае лік, а Зубчыч выводзіць «Енісей» наперад. А пасля таго, так на лаўку адправіўся і Віталь Лютыч, каманда не змагла вярнуцца ў гульню. Дарэчы, у гэтай чвэрці госці прабілі штрафныя 16 разоў, а гаспадары ўсяго 4. Выніковы лік 80:83 і «Цмокі» не здолелі палепшыць сваё турнірнае становішча ў Лізе.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
«Сёння нас не хапіла фізічна на 40 хвілін. Рана паверылі, што супернік стане дагульваць і паплаціліся за гэта. Страцілі канцэнтрацыю, прапусцілі пару разоў, перасталі рабіць тое, што прыносіла нам поспех».

Галоўны трэнер «Енісея» Дражэн Анзулавіч:
«Вельмі важная перамога для нас. Гэта ненармальна, што гульня ідзе гэтак няроўна. Мы гулялі добра 1 і 4 чвэрць, а астатнія правалілі. Я хачу, каб мая каманда кантралявала ход гульні ўсе 40 хвілін».

Наступная хатняя гульня ў Адзінай Лізе ВТБ пройдзе аж 28 снежня з маскоўскім ЦСКА. А праз тыдзень «Цмокі» адправяцца ў госці да «Хімкаў». У Кубку ФІБА бліжэйшая гульня адбудзецца ў Дняпро ўжо ў гэту сераду.

«Цмокі-Мінск» - «Енісей» - 80:83 (15-21, 28-14, 22-19, 15-29)
«Цмокі-Мінск»: Барнэт (13 +5 падбораў +4 асісты), Салаш (20+6 падбораў +5 асістаў), Белянкоў (2+2 падборы), Міркавіч (20+5 асістаў), Гаўрылавіч (6+2 падборы), Лоўры (7+4 асісты), Лютыч В (12+8 падбораў), Лютыч М (0), Рагазенка (0)