Скончылі хатні сезон Лігі ВТБ



«Хімкі» прыехалі ў Мінск асноўным складам, выпусціўшы з першых хвілін сваю галоўную зорку Аляксея Шведа. А вось мінчане недалічыліся Брыёна Раша, які прапускаў сустрэчу з-за невялікага пашкоджання.

«Цмокі» нядрэнна пачалі першую палову стартавай чвэрці, але, прапусціўшы рывок гасцей 9-0, сталі адставаць. Расціслаў Вяргун, спрабуючы змяніць сітуацыю, выпусціў на пляцоўку «рэзервістаў» Белянкова і Рагазенку. І апошні практычны адразу адзначыўся рэзультатыўным кідком. Наша каманда радавала заўзятараў асобнымі атакамі, як, напрыклад, троха Яўгена Белянкова, але зламаць нападзенне адной з мацнейшых каманд Расіі ніяк не атрымлівалася. Да вялікага перапынку адставанне «Цмокаў» складала 18 ачкоў, а 4 з 11 гульцоў паспелі набраць па дзве персанальныя заўвагі.

Пачатак трэцяй чвэрці выйшаў для мінчан няўдалым: зафаліліся лідары Садлер і Міхаілавіч. У такой сітуацыі трэнерскі штаб прыняў рашэнне выпусціць на пляцоўку Сяргея Вабішчэвіча, які ў гэтым сезоне меў не так шмат гульнявога часу. А Рымас Курцінайціс, у сваю чаргу, пасадзіў на лаўку Шведа, Ціму і Мікі. «Цмокі» скарысталіся такім становішчам спраў і выйгралі трэці адрэзак, а да сярэдзіны чацвёртай змаглі скараціць адставанне да 11 ачкоў.

Пры такім раскладзе літоўскі спецыяліст змушаны быў выпускаць цяжкую артылерыю ў асобе Аляксея Шведа і Джордана Мікі. Гэта дазволіла гасцям ізноў вырвацца наперад, здабыўшы ўпэўненую выніковую перамогу – 108:92.

Лепшым у складзе нашай каманды стаў Уладзімір Міхаілавіч – 21 ачко, 6 падбораў і 5 асістаў. У Дэвона Садлера – 15 ачкоў і 4 асісты. 10 з 11 нашых гульцоў, што з'яўляліся сёння на паркеце адзначыліся набранымі ачкамі.


Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
У размове з камандай я адзначыў, што нашы 11 заяўленых гульцоў у сярэднім разам набіраюць 62 ачкі. А 12 чалавек, якія былі заяўлены падмаскоўнай камандай - 104,7. Атрымліваецца, што мы выходзілі на гульню з -42, калі верыць статыстыцы.

Я веру, што выходзячы на пляцоўку, кожны гулец будзе здзяйсняць подзвіг. Маленькі баскетбольны подзвіг. Ён будзе перавышаць свой сярэднестатыстычны паказнік і гэта будзе даваць нам шанец змагацца супраць моцнага апанента. Сёння, нават з улікам таго, што мы перавысілі свой сярэдні паказнік, лічу, што маглі згуляць значна лепш. Калі б не было незразумелых страт мяча ў першай палове, якія дазволілі суперніку набраць 15 лёгкіх ачкоў.

Але месцамі самааддачу, жаданне і адвагу - я проста не магу не адзначыць. Жадаю, каб штораз не патрабавалася браць тайм-аўт і пераходзіць на эмоцыі. Яны павінны самі адважна бараніць гонар клуба, краіны і ўсяго беларускага баскетболу.

Галоўны трэнер «Хімкаў» Рымас Курцінайціс:
Гулялі нядрэнна. У чацвёртай чвэрці хацеў пайграць усімі гульцамі, а атрымалася, што мы з +28 дазволілі суперніку наблізіцца да +10. Але потым ізноў выставілі патрэбны склад і набралі. Незадаволены адносінамі да ігры некаторых ігракоў у нашай камандзе. А так аддаю належнае «Цмокам», якія змагаліся да канца, гулялі з жаданнем, як і трэба прафесійным спартсменам. Жадаю ім поспехаў.

14 красавіка мінчане згуляюць з рыжскім ВЭФам. Матч пачнецца ў 17.00. Ліга ВТБ пакажа гульню ў прамым эфіры на сваім афіцыйным сайце.

Цмокі-Мінск – Хімкі 92:108 (19-28, 25-34, 25-23, 23-23)
Цмокі-Мінск: Садлер (15+4 асісты), Міхаілавіч (21+6 падбораў +5 асістаў), Трасцінецкі (0), Мешчаракоў (8+5 падбораў), Семянюк (12), Сарыкопулас (6+7 падбораў +4 асісты) Кудраўцаў (10), Белянкоў (10), Паляшчук (3), Рагазенка (5), Вабішчэвіч (2).