Сустракаемся ў Таліне. Прэв'ю да матчу



2 снежня ў 20.00 «Цмокі» выйдуць на паркет спартхола «Калева» супраць мясцовай каманды. Глядзім, якія змены з эстонцамі адбыліся улетку і як ідуць справы зараз.

«Калеў» - баскетбольны клуб, які быў заснаваны ў 1920-х гадах пры аднайменным эстонскім спартовым аб'яднанні. З'яўляецца пераможцам апошняга чэмпіянату СССР па баскетболе 1991 года.

Ц мінулым сезоне ў Адзінай Лізе ВТБ «Калеў» упершыню ў гісторыі прабіўся ў плэй-оф, фінішаваўшы на 7-м месцы па выніках «рэгуляркі». У чвэрцьфінальнай серыі «Калеў» тройчы прайграў казанскаму УНІКСу. Нягледзячы на такі поспех кіраўніцтва каманды прыняло рашэнне расстацца з галоўным трэнерам Данальдасам Кайрысам. Магчыма, да гэтага развязка падпіхнула бронза першага розыгрышу з'яднанага чэмпіянату Латвіі і Эстоніі. Тады ў паўфінале эстонцы прапусцілі ў фінал рыжскі СЭФ.

Апроч трэнера клуб пакінулі амерыканцы Арнэт Моултры, Тоні Роутэн, Чаван Люіс і Рэджы Лінч, Эрык Кеедус, Танел Сок, і Мадзіс Саодла. Нашы Бранка Міркавіч і Макс Салаш таксама мінулы сезон праводзілі ў Таліне.

Сёння камандай кіруе Робертс Штельмахерс, які да гэтага працаваў з латышскім «Вентспілсам». Шэрагі гульцоў папоўнілі амерыканскія абаронцы Кайл Віналес («Брухас дэ Гуаяма», Пуэрта-Рыка), Анціна Джэксан («Віртус», Італія), брытанскі цэнтравы Раян Рычардс («Сурэй Скорчэрз», Вялікабрытанія), латвійскі абаронца Айгарс Шкеле («Анціб», Францыя), эстонскія форварды Сандэр Райестэ («Басконія», Іспанія) і Янары Йоэсар («Тэнэрыфэ», Іспанія), а таксама абаронцы Стэн Сок («Ираклис», Грэцыя) і Марцін Паасойя («Псіхікон», Грэцыя).

Ужо напачатку кастрычніка клуб расстаўся з Джэксанам, а затым атзаявіў і Раяна Рычардса. Але і без падпісанняў не абышлося: склад «Калева» папоўніў амерыканскі форвард Джонатан Холтан («Індзіас дэ Сан-Францыска», Дамініканская рэспубліка) і цэнтравы Кэлвін Годфры, які пачынаў сезон у Мехіка.

У бягучым розыгрышы Лігі ВТБ «Калеў» ідзе на 5 месцы. Эстонцы былі мацней за «Ніжні», УНІКС, «Зеніт» і «Астану». У эстонска-латышскім чэмпіянаце наш супернік правёў 10 гульняў, прайграўшы толькі двойчы: «Юрмале» і «Огрэ».

Лідарам «Калева» з'яўляецца Кайл Віналес. 27-гадовы амерыканскі абаронца «адгружае» у кош супернікам у сярэднім 17.7 ачкоў. Ён жа з'яўляецца лепшым у камандзе па рэзультатыўных перадачах (5.5 у сярэднім за матч).

З перыметра пагрозу прадстаўляе 26-гадовы латвійскі абаронца Айгарс Шкеле (у сярэднім здзяйсняе 4.1 кідка з дугі з 36% рэалізацыяй) і 28-гадовы эстонскі форвард Крысціян Кітсінг (5.6 кідкоў з 40% рэалізацыяй). Пад шчытамі дамінуе дасведчаны 37-гадовы форвард Крысціян Кангур, які збірае па 5.5 падбораў.

Прамую трансляцыю матча «Калеў» - «Цмокі» шукайце заўтра на сайце Адзінай Лігі ВТБ.