Тры перамогі за тры дні



Асноўная каманда «Цмокі-Мінск» правяла тры кантрольныя сустрэчы ў Літве. Як і абяцаў галоўны трэнер «Цмокаў», сіла супернікаў расла ад матчу да матчу. Так, у пятніцу мінчане сустракаліся з «Жальгірысам-2». Наша каманда разграміла каманду Каўнаса – 93:56 (21-13, 27-14, 22-15, 23-14). Дабл-дабл у свой актыў запісаў Максім Салаш - 25 ачкоў, 10 падбораў і 4 асісты. У Алекса Гаўрылавіча - 14 ачкоў і 2 падборы. Яшчэ адзін дабл-дабл у Раяна Марціна - 10 ачкоў і 13 падбораў. Па 10 пунктаў набралі Аляксандр Пустагвар і Бранка Міркавіч. Апошні стаў і лепшым асістэнтам у нашай камандзе – 7 рэзультатыўных перадач.

Наступным супернікам «Цмокаў» стаў клуб «Алітус Дзукія». І зноў мінчукі ўпэўнена перайгралі суперніка, хоць і дазволілі выйграць яму адну чвэрць - 81:68 (19-17, 23-17, 16-22, 23-13). Самымі рэзультатыўнымі ў складзе нашай каманды сталі Бранка Міркавіч - 17 ачкоў, 2 падборы і 5 асістаў, Алекс Гаўрылавіч - 14 ачкоў і 2 падборы, Дамінэз Барнэт - 12 ачкоў і 4 асісты. Аляксандр Пустагвар набраў 11 ачкоў, а Максім Салаш быў лепшым на падборы - 9, і зрабіў 6 рэзультатыўных перадач.

А 1 верасня «Цмокаў» чакаў самы грозны супернік, удзельнік Еўракубка, вільнюскі «Рытас». І зноў мінчане былі мацнейшымі, не проста ўпэўнена перайграўшы літоўцаў, але і «прабіўшы» першую сотню ў сезоне – 103-84 (28-18, 20-21, 33-18, 22-27). У гэтай сустрэчы наша каманда прадэманстравала сапраўдную камандую хімію, а самымі рэзультатыўнымі ў гэтай сустрэчы сталі Максім Салаш - 18 ачкоў, 4 падборы, Яўген Белянкоў - 14 ачкоў, 2 падборы і 2 асісты. У Андрэя Стаброўскага і Бранка Міркавіча па 13 ачкоў.

Адзначым, што Расціслаў Вяргун актыўна карыстаўся ратацыяй, змяняючы легіянераў і беларускіх гульцоў. Не забываў галоўны трэнер і даць гульнявую практыку маладым беларусам, якія, у сваю чаргу, прадэманстравалі якасную гульню. Так Максім Салаш станавіўся ключавым гульцом ледзь не ў кожным матчы, Андрэй Стаброўскі быў 100% дакладны з-за дугі ў матчы з «Рытасам». Шмат працы на паркеце рабіў і Яўген Белянкоў.

Галоўны трэнер «Цмокі-Мінск» Расціслаў Вяргун:
Асноўнай задачай першых кантрольных матчаў было паглядзець усіх хлопцаў у справе, даць шанец кожнаму з іх і зразумець, на каго мы зможам разлічваць напачатку сезону ў першых афіцыйных матчах.

У залежнасці ад ўзроўню суперніка размяркоўваўся гульнявы час, і мне здаецца, што ў нас атрымалася вельмі выдатна: усе маладыя гульцы атрымалі шанец пагуляць, а легіянеры гулялі ў розных спалучэннях. Хлопцы, якія прыйшлі са зборнай таксама добра ўліліся. Вельмі шмат станоўчых момантаў, якія ўсяляюць надзею і ўпэўненасць, што мы знаходзімся на правільным шляху.

Я б не зважаў увагі на сухія статыстычныя лічбы, бо гульцы маюць свае пэўныя ролі ў камандзе. На прыкладзе таго ж Жэні Белянкова, нягледзячы на часам невысокую рэзультатыўнасць, ён выконвае каласальны кавалак працы і ўжо з'яўляецца адным з ключавых гульцоў каманды.

Андрэй Стаброўскі ў матчы з «Рытасам» вельмі нядрэнна справіўся з роллю бэкапа  разыгрываючага і супраць суперніка нядрэннага ўзроўню глядзеўся надзейна.