«Цмокі» - «Лакаматыў». Прэв'ю да матчу



5 кастрычніка ў Мінску на Falcon Club Арэне «Цмокі» афіцыйна адкрываюць новы баскетбольны сезон у Адзінай лізе ВТБ 2019-2020. І адразу матчам з адной з мацнейшых каманд Расіі, удзельнікам Еўракубку краснадарскім «Лакаматывам». Глядзім, якія змены адбыліся з нашым супернікам за лета.

Трэнерскі штаб
Пачнём з таго, што мінулы сезон у «Лока» не атрымаўся. Не дапамагла нават змена трэнера па ходу сезону: краснадарцы прайгралі «Зеніту» у чвэрцьфінале Адзінай Лігі ВТБ, здабыўшы перамогу толькі ў адной сустрэчы з чатырох. Таму ў міжсезонне было прынята рашэнне зноў змяніць галоўнага трэнера: на месца амерыканца Боба Донэвалда прыйшоў італьянец Лука Банкі. У мінулым ён папрацаваў у чэмпіянатах Італіі, Германіі і Грэцыі. І стаў другім у гісторыі трэнерам, які выйграваў чэмпіянат Італіі два гады запар з рознымі клубамі. У сезоне-2012/13 Банкі ўзяў тытул з «Сіенай», а праз год паўтарыў поспех з «Міланам». У сезоне-2018/19 Лука Банкі быў галоўным трэнерам АЕКа і прывёў грэцкі клуб да перамогі ў Міжкантынентальным Кубку.

Ростар
Гульнявы склад таксама зведаў значныя змены: клуб пакінулі практычна ўсе легіянеры апроч Драгана Апіча. Паляка Матэуша Панітку мы яшчэ ўбачым у гэтым сезоне, але  ўжо ў гульнявой форме «Зеніту». Як і Дзмітрыя Хвастова.

Але «Лока» не доўга сумаваў пра гульцоў, што пакінулі клуб. Таму што на змену ім прыйшлі не горш. Трое з навічкоў маюць гульнявы досвед у самай моцнай лізе свету – амерыканскай НБА, адзін з'яўляецца MVP нямецкай бундэслігі ў мінулым сезоне. Але пачнём мы з літоўца Мантаса Калніеціса.

Loko

Літовец ужо абараняў колеры «чырвона-зялёных» на працягу трох гадоў (з 12/13 па 14/15). З ім у складзе «Лока» выйграў Еўракубак у сезоне-2012/13 і дэбютаваў у Еўралізе годам пазней. У мінулым сезоне 32-гадовы «першы нумар» з'яўляўся стартавым разыгрываючым французскага АСВЕЛу, у складзе якога выйграў чэмпіянат і Кубак Францыі.

Яшчэ адзін навічок краснадарцаў - Уіл Камінгз, які за сваю гульнявую кар'еру паспеў пагуляць у грэчаскай лізе за «Арыс», а праз год апынуўся ўладальнікам Еўракубка ў складзе турэцкай «Дарушафакі». Сезон-2018/19 Камінгз правёў у «Альдэнбургу», дзе стаў MVP нямецкай бундэслігі па выніках рэгулярнага чэмпіянату.

Loko

Амерыканец Джоні О’Браянт дэбютаваў у НБА ў сезоне-2014/15 і цягам наступных пяці гадоў выступаў за клубы «Мілуокі Бакс», «Дэнвер Нагетс» і «Шарлот Хорнэтс». Мінулы год Джоні правёў у ізраільскім «Макабі».

Loko

Яшчэ адзін навічок - 26-гадовы Алан Уільямс. Ён пачынаў прафесійную кар'еру ў кітайскім клубе «Цындаа Даблстар», але пасля гэтага паспеў пагуляць у двух клубах НБА – «Фінікс Санз» і «Бруклін Нетс».

Loko

25-гадовы Сэм Дэкер прыехаў у Краснадар наўпрост з НБА. Задрафтаваны яшчэ ў 2015 годзе «Х'юстан Рокетс» у сезоне-16/17 цяжкі форвард выходзіў на пляцоўку ў колерах «Х'юстана» у 77 матчах. Сезон-17/18 Сэм Дэкер правёў у «Лос-Анджэлес Клиперс», а мінулы – у «Кліўленд Кавальерс» і «Вашынгтон Уізардс».

Loko

Не трэба спісваць і дасведчаных расіян: Віталя Фрыдзона і Дзмітрыя Кулагіна, якія працягваюць супрацу з «Лока».

Бягучае становішча
Калі ў Адзінай Лізе ВТБ для «Лакаматыва» матч з «Цмокамі» стане першым у новым сезоне, то ў Еўракубку падапечныя Лука Банкі паспелі прайграць літоўскаму «Рытасу» (86:92). Самым рэзультатыўным у гэтай сустрэчы стаў Джоні О’Браянт – 24 ачкі, 10 падбораў і 2 асісты. У Дзмітрыя Кулагіна – 19 ачкоў, 3 падборы і 3 асісты.

Матч «Цмокі-Мінск» - «Лакаматыў» пройдзе заўтра, на Falcon Club Арэне і пачнецца ў 14.45. Квіткі можна набыць на сайце ticketpro.by ці ў касе арэны перад гульнёй.