У цёплую Сафію



Заўтра 13 лістапада наша каманда правядзе чарговы матч групавога этапу Кубку ФІБА-Еўропа супраць «Леўскага Лукойлу». Супернік мае ў актыве толькі адну перамогу ў матчы з «Дняпром» і знаходзіцца на 3 радку ў групе. Балгары працягваюць выступаць у турніры ссечаным складам з 9 гульцоў, хоць у турнірнай заяве прысутнічаюць і маладыя мясцовыя гульцы.

У матчы з «Кіевам» «Леўскі» саступіў 7 ачкоў (76:83), а самымі рэзультатыўнымі гульцамі сталі Чаўдар Костаў з 25 ачкамі і 7 падборамі і Брэндан Янг з 19 пунктамі і 7 асістамі. Сустрэча з «Дняпром» таксама скончылася з розніцай у 7 ачкоў, але гэтым разам на карысць балгарскай каманды. Самымі рэзультатыўнымі былі ўсё тыя ж Костаў (18) і Янг (17). Але ім выдатна дапамог Ёрдан Мінчэў з 12 ачкамі і 8 падборамі ў актыве.

У чэмпіянаце Балгарыі каманда ідзе без параз ужо 6 тураў і займае першае месца ў турнірнай табліцы.

«Цмокі» з 3 перамогамі займаюць першае месца ў групе. Але, як мы помнім, нашы рады прарэдзілі пашкоджанні. У Мінску засталіся Джамар Абрамс і Аляксей Трасцінецкі. Добрыя навіны – у склад вярнуўся Аляксандр Пустагвар. Паляцеў у Балгарыю і Уладзімір Верамеенка.

Матч «Леўскі» - «Цмокі» пройдзе заўтра ў Сафіі і пачнецца ў 20.00. Трансляцыю шукайце на youtube-канале ФІБА.