У Мінск едзе ЦСКА



Заўтра на пляцоўцы Falcon Club Арэны «Цмокі» сустрэнуцца з грандам еўрапейскага баскетоболу, 9-разовым пераможцам Адзінай Лігі ВТБ, маскоўскім ЦСКА.

stats

Пэўна, вайскоўцы планавалі прыехаць у Мінск з серыяй без параз, аднак, гэтым планам перашкодзіў піцерскі «Зеніт». Пад кіраўніцтвам новага трэнера піцербуржцы нанеслі ЦСКА першую паразу ў сезоне Лігі ВТБ.


Магчыма, на масквічах адбіўся графік: каманда гуляе практычна праз дзень. Вось і ў Мінск вайскоўцы прылятаюць адразу пасля матчу з іспанскай «Барселонай». Дарэчы, у Еўракубку справы ў ЦСКА ідуць не так добра: каманда размясцілася на 3 радку турнірнай табліцы, саступіўшы па ходу рэгуляркі «Будучнасці», «Басконіі», «Фенербахчэ», «Панаціакасу» і «Макабі». Матч з іспанскай камандай таксама простым не назавеш. У трэцяй чвэрці вайскоўцы упусцілі рывок гаспадароў 8-0, але ўзялі сябе ў рукі і змаглі скончыць сустрэчу з «+8».

Для мінчукоў гэта будзе другая гульня ў сезоне з маскоўскай камандай. У першай гульні «Цмокі» саступілі вайскоўцам 88:119.

Самым рэзультатыўным у складзе каманды з'яўляецца французскі абаронца Нанда дэ Кола. Крыху адстае ад яго па статыстыцы, але не важнасці на пляцоўцы іспанец Серхіё Радрыгес.

stats

Нядрэнна праяўляе сябе натуралізаваны расіянін Джаэль Баламбой і Міхал Кулагін. Пэўна Дзімітрыс Ітудзіс дасць адпачыць камусьці з лідараў, але іх імёны мы даведаемся прама перад матчам.

У «Цмокаў» працягвае адсутнічаць Аляксандр Семянюк. Затое на пляцоўцы можа з'явіцца Антон Вашкевіч, які выступаў дагэтуль за рэзервовы склад. Апроч таго, у Лігу быў дазаяўлен Яўген Белянкоў. Праўда, невялікае пашкоджанне не дазволіць Жэне з'явіцца ў складзе каманды прама зараз.

Калі вы плануеце ісці на матч, але ўсё яшчэ не набылі квіткі, рэкамендуем праверыць іх наяўнасць на сайце ticketpro.by. На момант напісання артыкула ў продажы засталося 39 квіткоў.

Гульня «Цмокі-Мінск» - ЦСКА пройдзе 27 студзеня, у 15.30. Прамая трансляцыя будзе на сайце Лігі.