Узначалілі сваю групу



Самыя рэзультатыўныя:
«Кіеў-Баскет»: Кэйсі Шэфэрд (19+6 асістаў), Багдан Блізнюк (12)
«Цмокі-Мінск»: Алекс Гаўрылавіч (25), Дамінэз Барнэт (19+6 падбораў), Максім Салаш (16+5 падбораў)

Гульня ў Кіеве для мінчан пачалася са шпацыру: горад стаў у такі затор, што гульцам давялося пакінуць аўтобус і ісці да Палацу спорту пешшу. Магчыма, гэта дадало трошкі спартовай злосці нашай камандзе, бо «Цмокі» правялі адну з лепшых сваіх гульняў з пачатку сезону.

Дэбют сустрэчы адзначыўся класным адрэзкам у выкананні Дамінэза Барнэта. Гулец набраў 11 пунктаў запар і адправіў «Кіеў-Баскет» на тайм-аўт. Мінчане добра прэсінгавалі і першыя свае ачкі гаспадары змаглі набраць толькі з лініі штрафу. Тым часам Расціслаў Вяргун пачаў актыўна карыстаць лаўку і выпускаць на паркет моладзь. Такія «хітрасці» разам з якаснай гульнёй на паркеце дазволілі «Цмокам» выдаць вельмі рэзультатыўную чвэрць – 32:19.

Наступны адрэзак адзначыўся 5 каманднымі заўвагамі для «Кіева» за 1.5 хвіліны. У такой сітуацыі гаспадары змушаны былі гуляць акуратна і збіваць тэмп, зададзены «Цмокамі». У нейкі момант здавалася, што кіяўляне сталі кантраляваць гульню: пара рэзультатыўных атак і выйграны падбор дазволілі трошкі скараціць адставанне. Але апошнія хвіліны чвэрці дадалі пунктаў «Цмокам». Тут вельмі хочацца адзначыць, як за 6 секунд да канца Бранка Міркавіч і Андрэй Рагазенка вымусілі «Кіеў» здзейсніць страту і паспелі рэзультатыўна атакаваць - 52:33.

І ўсё ж заўзятары перажывалі, бо нешта падобнае было ў матчы з «Дняпром», калі менавіта ў трэцім адрэзку ўкраінцы здзейснілі камбэк і даставілі праблем камандзе Расціслава Вергуна. Тады наш галоўны трэнер адзначыў, што гэта быў добры ўрок і імаверна гэтак і было. Таму што сёння «Цмокі» было не спыніць. Асабліва класна наша каманда глядзелася ў абароне, не дазволіўшы галоўным скорарам каманды Пустазвонаву і Блізнюку наблізіцца да сваіх лепшых паказнікаў у турніры.

На апошні адрэзак «Кіеў» не хапала. У такой сітуацыі Расціслаў Вяргун выпусціў на пляцоўку Максіма Лютыча і Андрэя Стаброўскага і апошні паспеў адзначыцца дакладным кідком з-за дугі.

Наступны матч «Цмокаў» пройдзе ў Лізе ВТБ: 9 лістапада сустракаемся з «Астаной». А ў сераду гуляем у Сафіі з мясцовым «Леўскім Лукойлам».

«Кіеў-Баскет» - «Цмокі-Мінск» - 74:99 (19-32, 14-20, 19-25, 22-22)
«Цмокі-Мінск»: Барнэт (19+6 падбораў), Салаш (16+5 падбораў), Белянкоў (5), Міркавіч (11+6 падбораў), Верамеенка (2+10 падбораў +2 асісты), Гаўрылавіч (25+4 падборы), Белянкоў (5+3 падборы), Лоўры (12+5 асістаў), Лютыч В (6+2 падборы), Рагазенка (0), Лютыч М (0), Стаброўскі (3)