Выпрабаванне «Кіевам». Прэв'ю матчу



«Кіеў-Баскет» — украінскі баскетбольны клуб з горада Кіеў, заснаваны ў 1992 годзе ўкраінскім палітыкам і бізнесоўцам Міхалам Бродскім. Праўда, тады ён зваўся «Макабі-Дэндзі». У жніўні 1996 года прэзідэнт клубу пераназывае яго на «Дэндзі-Баскет», бо спонсарам каманды была кампанія «Дэндзі». Клуб паспеў двойчы стаць срэбным і двойчы бронзавым прызёрам украінскай суперлігі, пакуль у 1998 годзе не спыніў сваё існаванне з-за фінансавых праблем.

У лістападзе 2017 клуб «адраджаецца» і ў структуры з'яўляюцца жаночая і дзве мужчынскія каманды. Тады ж была прэзентавана і новая эмблема «Кіеў-Баскета» з пчалой, а хатняй арэнай становіцца спарткомплекс «Мерыдыян».

У міжсезонне «Кіеў» змяніў трэнера. Цяпер кіруе камандай латышскі спецыяліст Айнарс Багацкіс, які сабраў практычна новую каманду. Цяпер у складзе  3 легіянеры з ЗША (калі быць да канца дакладным, то адзін з іх - грамадзянін Амерыканскіх Віргінскіх астравоў) і ўкраінскія гульцы. А літаральна сёння стала вядома пра падпісанне «вялікага» Уладзіслава Каранюка, які пачынаў сезон у другім дывізіёне Францыі LNB Pro B. У складзе «Сан-Квенціна» цэнтравы набіраў у сярэднім 13.5 ачка, здзяйсняў 5.3 падборы, аддаваў 1.3 рэзультатыўныя перадачы за 28 хвілін на пляцоўцы. Бігмен не зможа згуляць у бліжэйшым матчы супраць нашай каманды, але ўжо 27 лістапада цалкам можа з'явіцца на паркеце Falcon Club Арэны.

Яшчэ адным падпісаннем па ходу сезона стаў кантракт з гульцом нацыянальнай зборнай Украіны Сяргеем Паўлавым, які пачынаў свой сезон у Літве. Там ён паспеў правесці 6 матчаў і адзначыцца 5.5 ачкамі і 3.7 паборамі ў сярэднім за 18 хвілін.

Ёсць у складзе «Кіева» і страты: 21-гадовы форвард Антон Мусіенка перайшоў на правах арэнды ў «Харкаўскія Сокалы». Двума тыднямі раней туды ж перабраўся цэнтравы Аляксандр Цішчанка. Не падоўжылі кіяўляне супрацу і з cенегальцам Малікам Даймам, пра што стала вядома 3 дні назад.

У падапечных Айнарса Багацкіса ў актыве 2 перамогі ў Кубку ФІБА-Еўропа. У нацыянальным чэмпіянаце справы ідуць трошкі горш: 3 перамогі і 2 паразы ад «Хіміка» і «Чаркас».

Ну і крыху статыстыкі. Калі ў нацыянальным чэмпіянаце самымі рэзультатыўнымі гульцамі з'яўляюцца амерыканцы Кэйсі Шэпард і Дэан Эдвін (абодва па 13 ачкоў), то ў Кубку ФІБА лепшая статыстыка ў Максіма Пустазвонава (16.5 ачкоў) і Багдана Блізнюка (14 ачкоў). Адзначым, што Пустазвонаў любіць пакідаць з-за дугі і мае нядрэнны адсотак трапленняў (58.3% у Кубку і 50% у нацыянальным чэмпіянаце). А Блізнюк практычна не прамахваецца з лініі штрафу (95% у чэмпіянаце Украіны). Пад шчытамі трэба асцерагацца Вячаслава Пятрова.

У Кіеў не паехаў Аляксей Трасцінецкі з-за невялікіх праблем са здароўем. Працягвае аднаўляцца і Аляксандр Пустагвар.

Матч «Кіеў-Баскет» - «Цмокі-Мінск» пройдзе заўтра ў 20.00 па мінскім часе. Прамая трансляцыя будзе на youtube-канале ФІБА.