Вырашальны матч Кубку ФІБА



Заўтра на Falcon Club Арэне «Цмокі» прымуць украінскі «Кіеў-Баскет», а ў Дняпры мясцовая каманда сустрэнецца з «Леўскі Лукойлам». Да апошняга туру групавога этапу ў нашай групе ўсё так закруцілася, што арганізатары турніру змушаны былі змяніць час матчаў. Абедзве сустрэчы ў Мінску і Дняпры пачнуцца ў 19.30.

Лепшы варыянт для «Цмокаў» - перамагчы ў хатнім матчы і не чакаць вынікаў другой пары. У такім разе мінчане пройдуць у наступны этап з першага месца, а Кіеў - з другога.

У выпадку перамогі каманды Айнарса Багасцкіса ўкраінцы забяспечаць сабе першы радок групы F. Але нават у такім разе «Цмокі» захоўваюць шанец прайсці далей. Для гэтага патрэбна, каб у другой пары мацнейшай апынулася балгарская каманда. Калі гэтага не адбудзецца, то далей пройдзе «Дняпро».

У балгарскай каманды пасля паразы ў сталіцы Украіны шанцаў на другі групавы этап не засталося. З гэтага выцякае, што «Кіеў» знаходзіцца ў самым камфортным становішчы, бо яны ўжо гарантавалі сабе другі групавы этап. Гэта здарылася дзякуючы ўпэўненай перамозе над «Леўскім» і таму, што другі матч з «Дняпром» сталічная каманда хоць і прайграла, але захавала станоўчы баланс па розніцы сустрэч.

Учора на сайце кіеўскай каманды з'явілася навіна, што клуб пакінуў цэнтравы Максім Сандул, але наўрад ці гэта можна лічыць сур'ёзнай стратай. У матчы з «Цмокамі» гулец правёў на пляцоўцы 4 хвіліны, за якія адзначыўся толькі 1 падборам. А ў сустрэчах з «Дняпром» і «Леўскім» увогуле сядзеў на лаўцы.

У нацыянальным чэмпіянаце Кіеў правёў апошнюю гульню аж 9 лістапада, адразу пасля матчу з мінчанамі. Тады падапечныя Айнарса Багацкіса саступілі Нікалаеву. Цяпер у актыве сталічнай каманды 3 перамогі пры 3 паразах і 5 месца ў турнірнай табліцы. У Кубку краіны яны упэўнена перамаглі Чэркасы і трапілі ў чвэрцьфінал.

Што да нашай каманды, то літаральна сёння стала вядома, што свой гульнявы сезон скончыў Джамар Абрамс. Як мы ужо пісалі раней, гулец атрымаў пашкоджанне перад матчам з «Кіевам». Пашкоджанне апынулася сур'ёзным, і было прынята рашэнне пра аператыўнае ўмяшанне. Ці з'явіцца на паркеце Дамінэз Барнэт, пакуль не вядома, за яго станам працягваюць сачыць медыкі клубу. Астатнія гульцы ўжо рыхтуюцца да заўтрашняй сустрэчы.

Матч «Цмокі» - «Кіеў» пройдзе 27 лістапада ў 19.30 на пляцоўцы Falcon Club Арэны. Квіткі шукайце на ticketpro.by. А таксама прыходзьце сёння ў ГЗЦ «Галерэя», дзе адбудзецца невялікая прома-акцыя. Дэталі тут.