Хэпі дні ў «МакДональдс»



Традыцыйна ў лістападзе кампанія «Макдональдс» праводзіць дабрачынную акцыю «МакХэпі Дзень» на карысць дзецям, якія патрабуюць падтрымкі. Другі год запар у ёй бяруць удзел і «Цмокі». Гэтым разам за касы аднаго з рэстаранаў сеткі на Лагойскім тракце 35 усталі Уладзімір Верамеенка і Бранка Міркавіч. Хлопцы прапанавалі кліентам набыць значкі, выпушчаныя спецыяльна пад акцыю. Усе грошы з продажаў пойдуць Беларускаму дзіцячаму хоспісу для будавання гасцініцы для сем'яў.

Tsmoki

Нашы дасведчаныя гульцы практычна не адчувалі няёмкасці ад новай справы і адразу ўключыліся ў працу. Асабліва ўдала «ўжыўся ў ролю» цэнтравы Уладзімір Верамеенка: і прадаваў, і фатаграфаваўся, і сам набываў. Дарэчы, як апынулася, Вова стаў першым, хто гэтак зрабіў: набыў 30 значкоў і аддаваў іх гасцям, якія па розных прычынах не маглі сабе дазволіць фірмовы пін.

Прыемна адзначыць, што многія госці рэстарана пазнавалі ў твар нашых гульцоў, а некаторыя прыйшлі падрыхтаванымі – з плакатамі. А самым незвычайным стаў прыход маладога чалавека, якога звалі Данііл. Рэч у тым, што ў гэты дзень ён адзначаў свой Дзень народзінаў і прывёў у «МакДональдс» усю сваю сям'ю. Таму ён атрымаў не толькі аўтограф ад знакамітых гульцоў, але і персанальнае віншаванне ад Уладзіміра Верамеенкі.

Tsmoki

«Працоўны час» прабег ва ўтульнай дружалюбнай атмасферы, створанай гульцамі, супрацоўнікамі і гасцямі «МакДональдс».


Акцыя «Мак Хэпі Дзень» працягнецца да 19 лістапада, а гэта значыць, што ў вас ёсць яшчэ час далучыцца! Дэталі шукайце на сайце.

За фота дзякуем кампаніі «МакДональдс»!