Як сачыць за баскетболам?



Усе вялікія турніры зараз на паўзе, але інфармацыя пра баскетбол працягвае з'яўляцца. Зрабілі для вас невялікую падборку рэсурсаў, дзе можна пачытаць і паглядзець відэа пра любімую гульню з мячом.

Слэм-данк
Самая баскетбольная праграма Беларусі працягвае выходзіць не зважаючы ні на што. Калі ў вас ёсць жаданне ўспомніць яркія моманты, то ў апошнім выпуску можна знайсці сюжэт пра галоўны матч тура жаночага чэмпіянату. Тады наша каманда перайграла «Гарызонт» і ўмацавалася на першым радку. А на днях здымалі інтэрв'ю з Алексам Гаўрылавічам. Так што з нецярпеннем чакаем новы выпуск. Відэа аператыўна з'яўляюцца ў групе VK, так што калі вы не аматар традыцыйнага тэлебачання, то пераходзьце па спасылцы.

Адзіная Ліга ВТБ
Уся афіцыйная інфармацыя пра будучыню турніру з'яўляецца на сайце Лігі. Так, нядаўна было апублікавана невялікае інтэрв'ю з генеральным дырэктарам Лігі Ілонай Корсцін. Тут можна знайсці адказы на многія пытанні. Але ўсё самае цікавае з'яўляецца ў сацсетках Лігі: VK, FB, Twitter. Тут вы знойдзеце не толькі сухія факты, але і інфармацыю пра тое, што цяпер адбываецца з клубамі-ўдзельнікамі. Зручна, калі вы не хочаце падпісвацца на ўсе 13 камандаў, але не супраць даведацца пра важныя навіны.

Тэлечасопіс «Від Зверху»
Расійскі аналаг нашага «Слэм-данку» з акцэнтам на каманды Адзінай Лігі ВТБ. І няхай да Мінска здымачная група не даязджае, але працягвае трымаць руку на пульсе баскетбола, выпускаючы сюжэты з Масквы.

Sports
Расійскае інтэрнэт выданне Sports.ru піша пра баскетбол і ў фармаце вялікіх цікавых тэкстаў і маленькіх, але важных навін. Тут вы знойдзеце агляды прафесійных журналістаў і аматараў-блогераў, якія прысвячаюць гэтай гульні значную частку свайго жыцця.

Eurohoops
Чытаеце на ангельскім? Тады абавязкова заходзьце на Eurohoops. Тут усё пра сусветны баскетбол: НБА, Еўраліга, ФІБА і нацыянальныя чэмпіянаты. Ёсць і на рускай мове, але, на жаль, далёка не ўсё. У любым выпадку выбраць ёсць з чаго.

Sportando
Яшчэ адзін вялікі англа-моўны баскетбольны рэсурс з акцэнтам на італьянскую серыю А, а таксама трансферныя навіны рынку.

Ну а навіны пра «Цмокаў» як заўсёды чытайце на нашым сайце.