Яшчэ адзін навічок у складзе «Цмокаў»



Баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск» падпісаў пагадненне пра супрацу з чарнагорскім абаронцам Уладзімірам Міхайлавічам (193, 28).

Уладзімір пачынаў сваю прафесійную кар'еру ў юніёрскай камандзе «Морнар Бару» ў 2007 годзе, але ужо на наступны сезон стаў гульцом асноўнай каманды, адначасна выступаючы і за другую.  У «Морнары» гулец правёў у агульнай складанасці амаль 4 гады, пасля чаго перабраўся ў «Будучнасць» з Падгорыцы. Пасля першага сезону клуб падоўжыў пагадненне з абаронцам яшчэ на 3 гады. З «Будучнасцю» наш навічок тройчы выйграваў Кубак Чарнагорыі ды 4 разы рабіўся ўладальнікам залатых медалёў нацыянальнага першынству.

Па заканчэнні тэрміну кантракта Міхайлавіч перабраўся ў бельгійскі «Целенэт Астэндэ», але ўжо ў лістападзе змяніў прапіску. Паўтара сезону чарнагорац правёў у нямецкім «Вальтар Тайгерс». Потым былі «З.Олівер» з Вюрцбурга, «ЕВЕ Баскетс» з Альдэнбургу і вяртанне ў «Астэндэ».

Бягучы сезон абаронца пачынаў у польскім «Анвіле». У 8 матчах чэмпіянату Польшчы гулец у сярэднім праводзіў 17.3 хвіліны на пляцоўцы, за якія набіраў 8.5 ачкоў, 2.6 падборы і 1.1. асісты. Статыстыка ў Лізе Чэмпіёнаў: 6 матчаў, 14.3 хвіліны, 5.3 ачка, 1.8 падборы і 1.2 асісты.



Уладзімір Міхайлавіч выступае і за нацыянальную зборную Чарнагорыі. У адборачным матчы ў лістападзе 2017 абаронца выходзіў на паркет Палацу спорту супраць зборнай Беларусі і адзначыўся 4 ачкамі і 3 падборамі.