Зборная Беларусі стала трэцяй на міжнародным турніры па баскетболе 3х3



25 мая ў расійскім Калінінградзе адбыўся міжнародны турнір Mоst international cup 3x3. Беларусь на ім прадстаўляла каманда, што складаецца з гульцоў «Цмокі-Мінск»: Андрэя Рагазенкі, Сяргея Вабішчэвіча, Дзмітрыя Паляшчука і Мікіты Мешчаракова. Трэнерскі штаб каманды таксама складаецца з прадстаўнікоў «Цмокаў»: трэнер каманды Дзмітрый Калтуноў, а дапамагае яму асістэнт трэнера асноўнай каманды Эдмундс Валейка.

Па выніках жараб'ёўкі наша каманда трапіла ў адну групу са шведамі і дзвюма расійскімі камандамі з Санкт-Пецярбурга і Масквы.

Адкрывалі свой гульнявы дзень беларусы матчам з «Масквой». Прадстаўнікі гэтай каманды займаюць 17 радок у сусветным рэйтынгу і два гады запар з'яўляюцца самым моцным калектывам Расіі. Перамога (19:16) над настолькі тытулаваным супернікам дазволіла нашай камандзе пачаць турнір на добрай ноце.

Наступным супернікам падапечных Дзмітрыя Калтунова стала каманда са Швецыі. Вікторыя над Стакгольмскім баскетбольным клубам (12:11) дазволіла беларусам гарантаваць сабе ўдзел у чвэрцьфінальнай стадыі турніру. Так што параза ў авертайме ад піцерскага «Нокіан» (19:20), не моцна паўплывала на настрой хлопцаў.

У чвэрцьфінале Беларусь павінна была пазмагацца з ледзь не самай малодшай каманднай турніру «Спартай», што складаецца з хлопцаў U-18. Досвед дазволіў нашай «нацыяналцы» захапіць перавагу з першых хвілін сустрэчы і давесці лік да разгромных 19:11.

До фіналу заставаўся толькі матч з казанскімі «банкірамі». На пачатку здавалася, што і тут беларусам усміхнецца поспех. Наша каманда вяла вялікую частку сустрэчы, аднак у канцоўцы дазволіла суперніку некалькі разоў падысці да штрафной лініі і адарвацца на 1 ачко. Яно і аддзяліла Беларусь ад магчымага фіналу.

Па выніках усяго гульнявога дня беларусы сталі трэцімі. Перамогу ж святкавала каманда «Інамомы», якая складаецца з прадстаўнікоў другога складу чэмпіёнаў Расіі.