Жаночы Кубак Беларусі



Не паспелі мужчынскія каманды вызначыць уладальніка Кубка краіны, як у гульню ўступаюць дзяўчыны. На паркеце сталічнага РДВАРа ўжо ў гэтыя выходныя 4 каманды разыграюць кубкавы трафей.

Наша каманда ў паўфінале пазмагаецца з «Гарызонтам». Другую паўфінальную пару складуць «Гомельскія рысі» і «Алімпія». Глядзім, што адбылося з гэтымі камандамі за лета.

«Гарызонт»
Падапечныя Наталлі Трафімавай скончылі сезон 2018/19 з бронзай, што наўрад ці ўладкоўвала кіраўніцтва клубу. Магчыма, менавіта таму ў міжсезонне ў камандзе адбыліся вялікія кадравыя змены.

У верасні «Гарызонт» здзейсніў самае гучнае падпісанне, заангажаваўшы ў свае рады Анастасію Верамеенка. Калі Насця з'явіцца на паркеце, то пад кошам супернікаў будзе вельмі небяспечна.

Яшчэ адным гульцом зборнай, які ўзмацніў каманду на сезон, стала Юлія Рыцікава. Форвард вярнулася ў Мінск з польскага «Гожава».

Ёсць у складзе і 3 амерыканскія баскетбалісткі: Бры Элфард, Морган Грын і Джэні Сміт. Пры тым Бры і Морган прыехалі наўпрост з коледжа. Закранаючы тэму моладзі, трэба адзначыць, што з «Гарызонту-2» прыйшла Ірына Дурманава, а з брэсцкай «Вікторыі» - Аляксандра Чыжэўская і Яна Лябедзіч.

Ёсць у Наталлі Трафімавай і страты: Ганна Брыч змяніла Мінск на Маскву і зараз будзе выступаць за мясцовае «Дынама», а Марына Крэс скончыла гульнявую кар'еру і стала менеджарам каманды. Не ўбачым мы ў гэтым сезоне і Алену Голубеву.

Шмат хто прадказвае, што менавіта пераможца гэтай пары стане ўладальнікам запаветнага тытулу, але не будзем забягаць наперад і паглядзім на другую паўфінальную двойку.

«Алімпія»
Срэбны прызёр чэмпіянату краіны ў міжсезонне змушаны быў змяніць трэнера, таму што Дзмітрый Кузьмін прыняў прапанову ўзначаліць «Гродна-93». Яму на змену прыйшоў экс-асістэнт «Гродна» Юрый Чарняк.

Пакінулі рады «Алімпіі» Наталля Дашкевіч і Дар'я Магаляс. Няма ў заяве на Кубак і Валянціны Мышапуд са Святланай Кудрашовай. У такой сітуацыі трэнерскі штаб гарадзенак змушаны быў шукаць рэзервы ў моладзевай камандзе: Вераніка Самайлюк, Анастасія Сярчэня, Ангеліна Амбражэвіч і Ірына Дзячэк змянілі прапіску на асноўную каманду. Ёсць у заяве і вялікая баскетбольная надзея Юлія Васілевіч, якая была лідарам сваёй каманды на чэмпіянаце Еўропы U-20.

Падапечныя Юр'я Чарняка ў першым паўфінале пазмагаюцца з «Гомельскімі рысямі».

«Гомельскія рысі»
Гомельская каманда таксама зведала некаторыя змены: падпісала адразу дзвюх легіянерак. Навічок «Рысяў» Таццяна ігнатчэнка ўсю кар'еру правяла ў Расіі і паспела стаць чэмпіёнкай Суперлігі-1. А ўкраінская абаронца Ніка Карэнная гуляла за моладзевыя зборныя Украіны і каманды першай лігі.

Вярнулася ў склад і Юлія Гапонава, якая ненадоўга з'язджала ў Партугалію.

Гучныя для Гомеля падпісанні пэўна ставяць перад камандай мэтай прынамсі трапленне ў фінал. Змагацца з любой мінскай камандай будзе ўсё яшчэ складана, але вось праходзіць змушаную амаладзіцца «Алімпію» цалкам па сілах. А там хто ведае, у якім стане будзе супернік з другой пары.


21 верасня
Паўфінал, 15:30 «Алімпія» - «Гомельскія Рысі»
Паўфінал, 18:00 «Гарызонт» - «Цмокі-Мінск»

22 верасня
Матч за 3-е месца, 12:30
Фінал, 14:45