Жаночы чэмпіянат Беларусі. Усё, што чакае «Цмокі» на гэтым тыдні



Жаночая каманда на гэтым тыдні правядзе апошнія матчы чэмпіянату Беларусі сёлета. Усяго засталося згуляць тры сустрэчы – супраць РДВАР, «Гарызонта» і гродненскай «Вікторыі».

З прадстаўніцамі вучылішча алімпійскага рэзерву падначаляныя Андрэя Ваўлева ўжо паспелі сустрэцца ў гэтым рэгулярным сезоне, як і з камандай з Гродна. З «Гарызонтам» «агнядышныя» не гулялі ў рамках нацыянальнага першынства, але паспелі пазмагацца ў Кубку Беларусі. Нагадаем, што каманда пад кіраўніцтвам Наталлі Трафімавай стала бронзавым прызёрам, а нашы дзяўчыны – уладальніцы Кубка.

РДВАР – 18 снежня ў 18:30 (СК РДВАР, Мінск)

Яшчэ ад адной сустрэчы з баскетбалісткамі Вольгі Падабед чакаюць выключна перамогі. «Цмокі» адзначылі досыць моцную перамогу ў матчы з алімпійскім рэзервам у сярэдзіне кастрычніка.

Андрэй Ваўлеў скарыстаў у папярэдняй гульні з РДВАР толькі аднаго легіянера – Даніэль Маккрэй. Ярмоліч, Макуца і Балдуева правялі на пляцоўцы менш за дзесяць хвілін. Усе астатнія баскетбалісткі атрымалі масу гульнявога часу. Асабліва адзначылася Анастасія Сушчык, якая аформіла 12 перадач, – свой сізн-хай, які яна паўтарыла ў гульні з Брэстам.

Што ўяўляе з сябе РДВАР зараз? Першае, у Вольгі Падабед ёсць шырокі выбар сярод гульцоў, якіх яна можа скарыстаць у гульні з «Цмокамі». Другое, РДВАР прагрэсуе дзень за днём, і гэта ўжо зусім іншая каманда, чым была два месяцы назад. Трэцяе, Паліна Катлінская, якая з'яўляецца адной з асноўных баскетбалістак, атрымала пашкоджанне на турніры памяці Уладзіміра Рыжанкова, і не факт, што яна ўжо аднавілася. У любым выпадку ўсе гульцы Падабед атрымліваюць свой час на пляцоўцы, а сама трэнер актыўна карыстаецца заменамі.

На каго трэба звярнуць увага? Яна Захарэвіч дакладна з'яўляецца адной з самых бачных у ростары РДВАР. Яна выступае на пазіцыі пятага нумара, атрымлівае 30 хвілін гульнявога часу ў чэмпіянаце Беларусі і з'яўляецца самай эфектыўнай баскетбалісткай у сваёй камандзе. Караліна Седач – самы рэзультатытыўны гулец, але ў кастрычніку супраць «Цмокаў» яна не змагла адрозніцца сваімі снайперскімі здольнасцямі. Паліна Верабей нядрэнна выявіла сябе на турніры Уладзіміра Рыжанкова, яна можа стаць ікс-фактарам у гульні ў аўторак.

Будзе вельмі цікава паназіраць за моладдзю нашай каманды і іх супрацьстаяннем з вучылішчам алімпійскага рэзерву. Аднак, наперадзе у «Цмокаў» матч з «Гарызонтам», а РДВАР будзе магчымасццю для Андрэя Ваўлева скаардынаваць дзеянні сваёй асновы перад самым важным матчам у рэгулярным сезоне 2018 года.

«Гарызонт» – 20 снежня ў 17:30 (СК Гарызонт, Мінск)

Самая прынцыповая сустрэча ў першай палове гэтага сезона адбудзецца з гульцамі з Мінскай вобласці. «Гарызонт» ужо некалькі гадоў запар з'яўляецца нашым супернікам у фінале чэмпіянату Беларусі. Але вось ужо два гады «Цмокі» забіраюць чэмпіёнскі тытул сабе.

«Гарызонт» паспеў адзначыцца адной паразай у гэтай рэгулярцы. Падапечныя Трафімавай прайгралі выязны матч у Гродна, такім чынам у «Алімпіі» дагэтуль атрымоўваецца знаходзіцца на першым месцы ў турнірнай табліцы. Пад кіраўніцтвам Наталлі Трафімавай трэнеруецца пераважна беларускія баскетбалісткі. У складзе «Гарызонт» усё ж ёсць дзве легіянеркі – расіянка Яўгенія Каратыгіна і ўкраінка Любоў Піваварава. Таксама ў галоўнага трэнера нашых суперніц ёсць опцыя дадлучаць баскетбалістак з «Гарызонт-2». Праўда, не факт, што Трафімава скарыстаецца гэтай магчымасцю.

Ганна Брыч працягвае раскрывацца ў «Гарызонце», атрымваючы значны гульнявы час, а таксама цэнтравая з'яўляецца самай рэзультатыўнай у складзе сваёй каманды. Марына Крэс таксама выступае за «Гарызонт», таму трэба ўлічваць і яе досвед у баскетболе. У «Гарызонта» ёсць якасны франткорт,  які будзе здольны пацягацца з «агнядышнымі». Пытанне стаіць у іншым, ці змогуць нашы суперніцы згуляць без вялікіх таксама добра? Каратыгіна і Голубева паспрабуюць даць станоўчы адказ на пытанне, якое цікавіць нас. Напэўна, што Трафімава задзейнічае Наталлю Ануфрыенка, якая правяла ў рэгулярным сезоне ўсяго чатыры матчы.

«Гарызонт» абнавіў склад у гэтым сезоне. У беларускі баскетбол вярнулася Віялета Кіўляк, якая ў свой час бараніла колеры нашага клуба. Да таго ж трэнерскі штаб абласной каманды дагэтуль давярае вялікую колькасць часу Вользе Зюзьковай.

Гэта гульня з «Гарызонтам» ужо не будзе такой жа цяжкай, як папярэднія сустрэчы ў сезонах раней, але ад гэтага прынцыповасць не знікае. «Гарызонт» і дасёння з'яўляецца галоўным апанентам «Цмокаў». Ад перамогі ў гэтай сустрэчы будзе залежаць не толькі турнірнае становішча «агнядышных», але і ўпэўненасць заявы на яшчэ адзін чэмпіёнскі тытул у чэмпіянаце Беларусі.

«Вікторыя» – 23 снежня ў 15:00 (гульнявая зала ВАР, Гродна)

У гэтым рэгулярным сезоне гарадзенскія каманды даставілі максімум нязручнасці «агнядышным». Андрэй Ваўлеў згуляў з «Вікторыяй» без асноўнай пяцёркі, даўшы сваім баскетбалісткам адпачынак пасля Еўракубка. Валянціна Навойчык выдатна падрыхтавала каманду да такіх умоў, таму лёгкім гэты матч для нашых дзяўчынак дакладна не быў.

Адразу да прыемных навін! Гэты матч стане апошнім на выездзе ў першым этапе рэгулярнага сезона для «Цмокаў». Наступныя гульні «агнядышныя» правядуць у студзені на хатняй пляцоўцы. І гэта гульня стане апошняй перад навагоднімі канікуламі. Да таго ж Гродна заўсёды транслюе матчы сваіх каманд, таму мы зможам панаглядаць за нашымі дзяўчынкамі ў рэжыме анлайн.

Такім чынам, нашы супернікі з'яўляюцца досыць моцнай і маладой камандай. Вельмі імаверна, што гродненская каманда будзе прэтэндаваць на медальны залік. Пакуль што «Вікторыя» знаходзіцца на чацвёртым месцы ў турнірнай табліцы.

У Валянціны Навойчык ёсць козыр – яна можа скарыстаць Юлію Васілевіч, якая цяпер бегае на дзве гродненскія каманды. Аднак у гэта ж час «Алімпія» будзе гуляць у Мінску з «Гарызонтам-2», таму не ясна, за які пэўна клуб выступіць Васілевіч.

Яна Яхнавец зараз дакладна стала самай рэзультатыўнай баскетбалісткай у камандзе, а таксама зацвердзілася ў ролі лепшага дыспетчара. Ірына Краўчанка і Яна Галякова, якія прапусцілі мінулы юніёрскі чэмпіянат свету ў Мінску, зараз наганяюць выпушчанае ў нацыянальнай першасці. У Галяковай атрымоўваецца лідараваць па сярэдняй колькасці падбораў за гульню, а таксама яна даганяе Яхнавец па ачках за матч. У «Вікторыі» ёсць перспектыўныя форварды – Анастасія Сярчэня, якая ўмела кідае трохачковыя, а таксама Ангеліна Амбражэвіч.

Адзінае, што вядома на дадзены момант, апошні матч сёлета дакладна не будзе лёгкім, нават калі наш трэнер скарыстуе легіянераў. «Вікторыя» заўсёды змагаецца да апошніх секундаў, ловіць на памылках і спрабуе адыгрывацца ў самых крытычных сітуацыях. Зрэшты, гэта заклад выдатнага баскетбольнага матча.