Жаночы Еўракубак. Апошні матч сезона для «Цмокаў»



«Цмокі» вярнуліся ў Еўракубак праз два гады, але так і не змаглі выйсці з групы. У гэты чацвер падначальныя Андрэя Ваўлева правядуць матч з «Інвентай», які стане апошнім у гэтым еўракубкавым сезоне для нашай каманды.

Як гэта было
Еўракубак стартаваў для «агнядышных» з перамогі над турэцкім «Бешыкташам». Гульцы нашай каманды здзівілі ўсіх і парадавалі сваіх заўзятараў. Вікторыя Гаспер стала лепшым гульцом першага тыдня. Далейшы выступ «Цмокаў» азмрочыўся паразай на хатняй пляцоўцы ад «Віслы», а потым няўдалым выездам у Курск. Сітуацыя ў групавым этапе максімальна ўскладнілася для нас. Пасля перапынку на кваліфікацыю Еўрабаскету-2019 нашай камандзе трэба было правесці яшчэ тры гульні. «Бешыкташ» прыехаў у Мінск, а Кэлсі Мітчал абнавіла сваю рэзультатыўнасць – падначальныя Ваўлева ніяк не змаглі спыніць «чорна-белых». Усё вырашаў выязны матч у Кракаве, але нават без Джордын Кэнады «Вісла» змагла абгуляць «Цмокаў». Крыўдная параза ў Польшчы прыводзіць да галоўнага выніку. Мы завяршаем выступ у Кубку Еўропы ў сезоне-2018/19. «Цмокі» не маюць  ніякіх шанцаў прайсці ў наступны раўнд з лепшых трэціх месцаў груп.

Сезон «Інвенты»
«Інвента» пайшла далей «Цмокаў». У нас быў усяго адзін момант для гонару – перамога над турэцкім клубам. Прадстаўніцы расійскай каманды насамрэч пайшлі яшчэ далей. Яны запісалі ў свой актыў дзве пераможныя гульні на хатняй пляцоўцы: над «Бешыкташам» і над «Цмокамі». «Інвента» прайграла «Вісле» дзве сустрэчы з практычна ідэнтычным лікам. У перадапошнім матчы тура, калі вырашаўся далейшы лёс «агнядышных», расіянкі прайгралі ў Стамбуле «-30».

«Інвента» цалкам складаецца з расійскіх гульцоў да 23 гадоў. За некалькі год каманда дайшла да Прэм'ер-лігі Расіі, а цяпер выступае ў другім па значнасці клубным чэмпіянаце Еўропы. Элен Шакірава прарабіла неверагодную працу са сваімі падначальнымі, але яны пакуль што не могуць канкураваць з легіянерамі са Штатаў, таму маюць цалкам заканамернае трэцяе месца ў Еўракубку.

Усе карты ў руках у Ваўлева
Каманда пакуль не афіцыйна, але ўжо выбывае са змагання за Кубак. Аднак, гэта нядрэнная магчымасць скарыстаць не толькі легіянераў у гульні з «Інвентай», але і зноў пратэставаць здольнасці моладзі. У мінулы раз у Шакіравай і кампаніі атрымалася спыніць Гаспер, але не атрымалася стрымаць Маккрэй, а ўся наша каманда была разабрана па палічках. У гэты раз Андрэй Ваўлеў можа пайсці ва-банк і скарыстаць тых, хто бавіць свой час на лаўцы запасных.

Перамога патрэбная і важная
Зрэшты, у гэтай сустрэчы важна не толькі скарыстаць усе наяўныя рэсурсы, але і паспрабаваць выйграць расіянак. Першае, вяртанне ў Еўракубак прайшло не так гладка, як бы хацелася ўсім. Другое, перамога над «Бешыкташам» не павінна пераходзіць у разрад выпадковых, хоць вельмі імаверна яе ў наступстве такой і назавуць. Трэцяе, параза ў Курску была самай крыўднай і ў пэўным сэнсе незразумелай, а сатысфакцыю атрымаць трэба абавязкова.

Дата: 13 снежня
Час: 19-00
Лакацыя: Falcon Club

Нагадваем, што на гэтым баскетбол для жаночай каманды не сканчаецца. Наперадзе яшчэ чэмпіёнская гонка ў нацыянальным першынстве і Еўрапейскай жаночай лізе.